СПАРТА́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
дзяржаўная сістэма выхавання і навучання, якая існавала ў 8—4 ст. да н.э. ў Спарце (Стараж. Грэцыя) з мэтай падрыхтоўкі фіз. развітых, вынослівых, смелых, валявых, рашучых і дысцыплінаваных воінаў. Выхаванне вялося ў дзярж. інтэрнатах ваен. тыпу. Вучні падзяляліся на 2 групы: малодшыя (хлопчыкі 7—14 гадоў) і эфебы (юнакі 14—20 гадоў). Уключала сістэму разнастайных фіз. практыкаванняў, загартоўванне, навучанне вайск. майстэрству, а таксама чытанню, пісьму, выразнай мове, харавым спевам, ігры на муз. інструментах. Ужываліся фіз. пакаранні. С.в. прадугледжвала ўсебаковае фіз. выхаванне і для дзяўчынак. Яны дадаткова вучыліся спевам і танцам; у адрозненне ад хлопчыкаў выхоўваліся не ў інтэрнатах, а ў сям’і. У пераносным сэнсе С.в. называюць сістэму выхавання, якая фарміруе вынослівасць, стойкасць, здольнасць пераносіць цяжкасці і нягоды.
Т.І.Адула.
т. 15, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)